Нацыяцальная мадэль свету ў беларусаў і адлюстраванне яе ў розных пластах беларускай культуры ПЛАН : I. Мастацтва першабытнаабшчыннага ладу на тэрыторыі Беларусі. II. Мастацтва Беларусі ў IV – XIII стст. Дойлідства. III. Мастацтва Беларусі ў XIII – XVI стст. Абарончае дойлідства. I . З’яўленне мастацтва ў жыцці чалавека адносіцца да далёкага перыяду гісторыі, калі ён пачаў ствараць прадметы хатняга ўжытку і прылады працы. У працэсе практычнай дзейнасці ў нашага продка пачало абуджацца пачуццё прыгажосці. Яго прыцягвала гармонія навакольнага прыроднага асяроддзя, чалавечага цела. У час палявання ён любаваўся грацыёзным спрытам звера. Усё гэта не магло не адбіцца на прадметах быту, якія вырабляў першабытны чалавек. Сведчанне ранняй рамеснай дзейнасці на тэрыторыі сучаснай Беларусі – старажытныя археалагічныя помнікі. Даследаванне прылад працы, выяўленых пры раскопках, паказвае: гэта не толькі прадметы хатняга ўжытку, але і ў пэўнай ступені творы прыкладнога мастацтва. Першыя прыкметы ўзнікнення выяўленчага мастацтва ў Беларусі адносяцца да эпохі позняга палеаліту - прыкладна 22 – 25 стст. назад. Пры даслядаванні стаянкі першабытнага чалавека ў вёсцы Елісеевічы Бранскай вобласці знойдзена шмат караляў з ракавінак і некалькі пласцінак з біўня маманта, упрыгожаных геаметрычным арнаментам, невялікая пятнаццацісантыметровая, выразаная таксама з біўня маманта, статуэтка жанчыны. Формы яе цела перададзены выразна і пластычна, што сведчыць аб зарадженні ў першабытнага чалавека рэалістычнага ўспрымання навакольнага свету. У эпоху позняга палеаліту людзі пачалі актыўна ўпрыгожваць сваё цела і адзення. Магчыма, у гэтым праявілася натуральная прагада прыгожага. На стаянках верхняга Прыдняпроўя сустракаюцца падвескі з ракавін, з прасвідраваных зубоў лісіцы, воўка, пацерачкі з вапняковых трубачак марскіх чарвячкоў. Упрыгаженні дапаўняліся касцянымі трубачкамі, арнаментаванымі падоўжанымі нарэзкамі. У эпоху неаліту ( V – IV тысячагоддзі да н. э.) асноўнымі дасягненнямі першабытнага чалавека былі: выраб больш дасканалых – са шліфаванага каменя – прылад працы і зброі, посуду з гліны, пражы з валакністых раслін. З разлажэннем у першым тысячагоддзі да нашай эры першабытнабшчыннага ладу ва ўсходніх славян пачынае мяняцца і характар іх гаспадарчай дзейнасці. У сувязі з развіццём земляробства вялікае значэнне набывае вытворчасць рамесных вырабоў. Здабыча і коўка жалеза адкрылі вялікія магчымасці для развіцця кавальскага і ювелірнага рамёстваў. Удасканаленне майстэрства рамеснікаў мела вялікае значэнне для развіцця дэкаратыўнага – прыкладнога мастацтва. Тагачасныя рамяство і мастацтва былі цесна звязаны. Нярэдка ў адной асобе выступаў і рамеснік, і мастак. Да часоў першабытнаабшчыннага ладу адносіцца зараджэнне манументальнай скульпуры. Тэматыка яе вызначалася язычніцкай міфалогіяй. У дрыгавічоў, радзімічаў і крывічоў, што насялялі тэрыторыю сучаснай Беларусі, было даволі шмат язычніцкіх бажаствоў, якім яны пакланяліся і прыносілі ахвяры, чые скульптуры стваралі. На жаль, большасць з іх, асабліва драўляных, не захаваліся да нашага часу. З прыняццем старажытнай Руссю хрысціянства ўсе язычніцкія ідалы былі знішчаны. Да нас дайшло літаральна некалькі каменных выяў. Прыгадаем тыя, што ўяўляюць найбольшую цікавасць. Чатырохтварны ідал, знойдзены ў 1848 г. у раце Збруч, мае выгляд чатырохграннага слупа, завершанага галавой з чатырма тварамі. Так званы «шклоўскі ідал» знойдзены ў 1963 г. на беразе ракі Серабранка – прытока Дняпра. Гэта манументальная скульптура з пясчаніка мае вышыню 120 см і вагу 250 кг. Форма яе – цыліндрычная. Твар старажытнага бажества ўзбуйнены ў параўнанні з фігурай. Вельмі абагульненыя формы надаюць скульптуры манументальнасць. Такая прымітыўная апрацоўка, напрыклад, уласцівая галаве антрапаморфнага ідала з каменя – ракушачніка вышынёй 46 см, знойдзенага пры раскопках на ўскраіне Слоніма. Язычніцкія культавыя выявы людзей і жывёл знойдзены і ў іншых месцах Беларусі. Так, у развалінах старажытнага будынка ў Віцебску адшукана залатая статуя язычніцкага бога. Другі від старажытных манументальных скульптур – каменныя бабы. Найбольш цікавымі сярод іх з’яўляліся фігуры жанчын, знойдзеныя у Слонімскім раёне. Там жа былі выяўлены каменныя скульптуры гусака, гадзюкі і іншых жывёлін. Найбольш старажытным адлюстраваннем першага тысячагоддзя да нашай эры з’яўляецца фігурка з абпаленай гліны вышынёй 3,5 см, якая ўяўляе старога з барадой, зачасанымі валасамі (знойдзена паблізу вёскі Багушевічы Бярэзінскага раёна). Першабытнае мастацтва мае вялікае пазнавальнае значэнне для вывучэння гісторыі культуры Беларусі. II . Разглядаючы мастацтва Беларусі гэтага перыяду, неабходна падкрэсліць яго непарыўную сувязь з культурай усёй Старажытнай Русі, адзначыць характэрныя асаблівасці, уласцівыя менавіта беларускаму мастацтву, своеасаблівасць нацыянальных помнікаў дойлідства. Агульнасць культурных сувязей праўляецца ў адзінстве будаўнічай тэхнікі і архітэктуры. Але пры едзінстве, што вынікае з традыцый дойлідства Старажытнай Русі, архітэктура беларускіх зямель развівалася ў некалькіх самастойных напрамках. Сведчанне гэтага – помнікі мясцовага манументальнага дойлідства, якія захаваліся да нашага часу. У эпоху Кіеўскай дзяржавы і феадальнай раздробленасці на тэрыторыі сучаснай Беларусі шырока развіваецца горадабудаўніцтва. Згодна з летапісам, у IX – XI стст. узніклі гарады: Полацк (862), Тураў (980), Заслаўе (канец X ст.), Мінск і Орша (1067). У іх узводзяцца збудаванні самага рознага прызначэння: княжацкія харомы, царквы, манастыры. Да ліку самых старых гарадоў Беларусі належыць Полацк. Ранняе паселішча ў раёне сучаснага Полацка ўзнікла на месцы ўмацаванага валамі гарадзішча, размешчанага ў нізоўях прытока Заходняй Дзвіны – Палоты. На мяжы X – XI стст. гэта ўжо быў добра ўмацаваны горад, плошча дзяцінца якога дасягала 7 га. Першым з ліку выдатных культавых збудаванняў Полацка і ўвогуле заходніх абласцей Старажытнай Русі з’яўляецца Сафійскі сабор, закладзены паміж 1044 і 1066 гг. Грэчаскае слова «сафія» літаральна азначала «майстэрства, веды, мудрасць». Але хрысціянамі сэнс яго тлумачыўся больш шырока і звязваўся, у прыватнасці, з ідэяй чалавечай «аднадумнасці і супольнасці». Узводзілі сабор усім мірам. Гэта быў галоўны будынак не толькі сталіцы, але і ўсяго княства. У вачах жыхароў Полацкай зямлі Сафійскі сабор сімвалізаваў іх аднадумнасць і еднасць. Аб першапачатковым яго выглядзе захаваліся супярэчлівыя звесткі. У адных крыніцах храм гэты называецца сямікупальным, у другіх – пяцікупальным. У нашы дні ад старажытнага сабора засталіся асобныя часткі падмуркаў, тры абсіды (гранёныя выступы будынка), склеп і часткі ўнутраных слупоў. Фрагменты, што захаваліся, дазваляюць меркаваць, што ў мінулым гэты помнік архітэктуры быў ў многім падобны на Кіеўскую Сафію, але меў і некаторыя адрозненні. Адной з арыгінальных асаблівасцей полацкакага сабора з’яўляюцца гранёныя абсіды. Ні ў Кіеве, ні ў Ноўгарадзе такія абсіды не сустракаюцца. Таксама характэрная рыса храма ў Полацку – адсутнасць абходных галерэй і вежаў. Дзякуючы гэтаму вонкавы аб’ём збудавання выглядаў больш велічным і дынамічным. У XVIII ст. гэты помнік архітэктуры поўнасцю перабудавалі : зніклі купалы, з ’ явіліся дзве вежы на галоўным фасаде. Сабор быў пераўтвораны ва уніяцкую базіліку. Другі славуты архітэктурны помнік полацкай зямлі – Спаса – Ефрасінеўская царква, пабудаваная паміж 1128 і 1156 гг. дойлідам Іаанам. Гэта аднагаловая пабудова невялікага памеру, простага плана. Манументальнасць яе знешняму выгляду надае ярусная вонкавая кампазіцыя. Узведзена царква па загаду славутай Ефрасінні Полацкай. Збудаванне заняло ганаровае месца ў гісторыі дойлідства і паклала пачатак распаўсюджанню пірамідальна – шатровых храмаў у Расіі, на Украіне і ў Беларусі. Выдатны помнік старажытнай манументальнай архітэктуры – Барысаглебская царква XII ст., якая дагэтуль узвышаецца на Замкавай гары г. Гродна. Сцены невялікага храма выкладзены з чырвонай цеглы. У іх умураваны паліраваныя плоскія цёмна – чырвоныя камяні, а таксама керамічныя пліты, пакрытыя глазурай жоўта – залатых і бірузова – зялёных таноў. Амаль восемсот гадоў упрыгожваюць яны фасады пабудовы, але не страцілі сакавітасці і чысціні колеру. Ствараецца ілюзія інкрустацыі каштоўнымі каменямі. У скляпенні і верхнія часткі ўнутраных сцен былі ўмураваны керамічныя гаршкі – галоснікі. Гэты дойлідскі прыём змягчаў гук, забяспечваючы тым не менш добрую акустыку. Падлога храма была пакрыта керамічнымі пліткамі зялёнага, жоўтага, і карычневага колеру, што ўтваралі арнаментальны дыван вялікай мастацкай выразнасці. Барысаглебская царква, размешчаная на высокім абрывістым беразе Нёмана, захавалася не поўнасцю. Скляпенні яе і купал зніклі даўно, паўднёвыя і частка заходняй сцяны абваліліся ў выніку апоўзня 1853 г. Адным з найбольш значных помнікаў дойлідства раннефеадальнай эпохі на тэрыторыі Беларусі была Благавешчанская царква у г. Віцебску (сярэдзіна XII ст.). Гэты аднакупальны, трохабсідны храм размяшчаўся на левым беразе Заходняй дзвіны. Архітэктура яго была простай, але выразнай : сцены ажыўляліся толькі паўцыркульнымі кіламі і вертыкальнымі лапаткамі. На жаль, зрайнаваны ён ужо ў наш час. III . Да XIII ст. звесткі аб мураваных крапасных збудаваннях на тэрыторыі Беларусі адсутнічаюць. Але ўжо ў перыяд феадальнай раздробленасці і распаду Кіеўскай дзяржавы з’яўляюцца першыя мураваныя збудаванні тыпу асобнай магутнай абарончай вежы , якая абкружалася землянымі і драўлянымі ўмацаваннямі. Падобныя вежы – данжоны ў VIII – XIV стст. былі пашыраныя таксама ў Польшчы, Скандынавіі, Прыбалтыцы, паўночна – заходняй Русі, на Валыні. З розных крыніцаў вядома пра вежы ў Полацку, Тураве, Гародне, Навагрудку, Бярэсці. У раённым центре Камянец Брэсцкай вобласці да цяперашніх дзён захавалася абаронна – вартавое збудаванне, вядомае як Белая Вежа. Летапіс сведчыць, што ўзведзена яна майстрам Алексай пры дапамозе мясцовых жыхароў у XIII стагодзі (паміж 1276 і 1288 гг.). Вежа круглая з вонкавым дыяметрам 13,6 м пры таўшчыні сцен 2,5 м. Вышыня – 29,4 м. Пяць яе ярусаў злучаны паміж сабой унутранай лесвіцай. А з трэцяга яруса можна было дабрацца да верхняй пляцоўкі таксама і па каменных прыступках, што знаходзіліся ў тоўстых сценах. Агульная плошча памяшканняў на ўсіх паверхах дасягала 300 кв. м., што дазваляла ў час абароны размясціць шмат воінаў. Змураваныя з цэглы сцены крыху нахіленыя ўнутр, не маюць звонку гарызантальных чляненняў і завершаныя буйнымі зубцамі, адпаведнымі агульным прапорцыям вежы. У гэтым помніку спалучыліся кампазіцыйныя, канструктыўныя і дэкаратыўныя прыёмы раманскай архітэктуры з раннегатычнымі. У другой палове XIII ст. узнікла новая дзяржава – Вялікае Княства Літоўскае. У гэты час у беларускім дойлідстве з’яўляецца новы тып манументальнага збудавання – замак , які спалучаў у сабе жылыя і абарончыя функцыі, а таксама задачы грамадскага прадстаўніцтва. Заходнія рубяжы ВКЛ аперазаў цэлы ланцуг мураваных замкаў у Крэве, Лідзе, Медніках, Троках, Навагрудку, Гародне і Вільні. Па планіровачна – кампазіцыйным вырашенні адзначаныя замкі падзеляюцца на два тыпы. Замкі ў Крэве і Лідзе, пабудаваныя ў першай палове XIV ст., уяўляюць тып замка – кастэлі з рэгулярнай формай плана і тучнымі землянымі ўмацаваннямі. Яны ўзведзеныя на нізіннай мясцовасці на насыпным узвышшы і абкружаныя ровам з вадою. Магутныя мураваныя сцены (вышынёй каля 12 м, таўшчынёй 2,75 м) утваралі ў плане неправільны чатырохвугольнік, блізкі да квадрата. Баявую моц сценаў, якія завяршаліся крытымі навяснымі галерэямі і байніцамі, узмацнялі дзве квадратныя ў плане вуглавыя вежы, размешчаныя па дыяганалі замкавага двара. Вежы ўяўлялі з сябе лаканічныя прызматычныя аб’ёмы без вонкавых гарызантальных гляненняў, накрытыя чатырохсхільнымі шатрамі. Унутры яны мелі некалькі ярусаў, перакрытых крыжовымі і нярвюрнымі скляпеннямі. Дапаможныя службы размяшчаліся ў драўляных пабудовах унутры двара ў адрозненне ад рыцарскіх замкаў – канветхаўзаў, якія мелі па перыметры масіўныя мураваныя будынкі з развітай сеткай памяшканняў. Другі архітэктурны тып уяўляюць нерэгулярныя замкі ў Навагрудку і Гародні, якія працягвалі развіваць традыцыі ўмацаваных гарадзішчаў і дзядзінцаў старажытных гарадоў. Яны размяшчаліся на натуральных узвышшах вышінёй 30 – 40 м і мелі ў плане паліганальную форму, адпаведную рэльефу. Да канца XIV ст. аснову іх складалі драўляныя сцены – гародні ў спалучэнні з адной магутнай мураванай вежай, якія былі ўзведзеныя яшчэ ў XIII ст. Пасля разгрому Тэўтонскага ордэна ў Грунвальдскай бітве (1410 г) будаўніцтва замкаў агульнадзяржаўнага прызначэння скарацілася, але беларускае дойлідства ў цэлым працягвала захоўваць абарончы характар. На мяжы XV – XVI стст. пашыралася будаўніцтва прыватных замкаў . Вышэйшым дасягненнем нацыянальнага ваенна – інжынернага мастацтва пачатку XVI ст. з’яўляецца замак у Міры, які належаў старажытнаму праваслаўнаму феадальнаму роду Іллінічаў. Магутныя сцены, якія ўтвараюць амаль квадратны замкнёны двор, і пяць шматярусных вежаў былі ўзведзены у 1506 – 1510 гг. Замак абкружалі штучныя земляныя ўмацаванні – вал і роў, праз які перакінуты развадны мост. Сцены мелі тры ўзроўні бою. У ніжняй частцы сценаў прарэзаны амбразуры для гарматаў. На вышыні 8 м унутры сценаў ішла галерэя з ружэйнымі байніцамі. Завяршала сцены баёвая пляцоўка, пакрытая зубчатым парапетам. Вежы маюць аднолькавы прынцып кампазіцыйнай будовы. Асаблівай магутнасцю вылучалася шасціярусная вежа – брама. Дэкаратыўнае аздабленне помніка заснавана на спалучэнні адкрытай цаглянай муроўкі з украпінамі камянёў і атынкаваных арачных нішаў, раструбай амбразур, арнаментальных паясоў. Разнастайны прапарцыянальны лад і дэкор вежаў надаюць замку непаўторны мастацкі вобраз. Падобныя кампазіцыю, дэкор і фартыфікацыйныя элементы мелі абарончыя царквы канца XV – пачатку XVI стст. у Полацку, Супраслі, Сынковічах і Мураванцы. Заснавальнікам гэтага тыпу культавых будынкаў з’явіўся, верагодна, Сафійскі сабор ў Полацку, які ў 1495 – 1501 гг. быў перабудованы і набыў абарончыя абрысы. Самабытная архітэктура цэркваў – крэпасцей склалася на аснове знітавання структуры руска – візантыйскага крыжова – купальнага храма і традыцыйных прыёмаў мясцовага дойлідства. Найбольш выдатнымі помнікамі цэрквей – крэпасцей лічацца цэрквы ў Сынковічах і Мураванцы. Акрамя чатырохвежавых храмаў – крэпасцей да беларускай готыкі належаць яшчэ некалькі старадаўніх культавых будынкаў, якія не маюць выяўленых абарончых прыстасаванняў. Гэта найбольш раннія на беларускай зямлі мураваныя касцёлы XV – XVI стст. у вёсках Ішкалдзь, Уселюб, Гнезна, а таксама Барысаглебская царква ў Навагрудку. Ім уласцівыя гатычная канструкція і мысцовы характар дэкору: нярвюрныя скляпенні, контрфорсы, стральчастыя прыёмы, тоўстыя сцены, аздобленыя ўзорам з атынкаваных арачных нішаў і цёмнай перапаленай цеглы. Менавіта два помнікі беларускага абарончага дойлідства: замак у Міры і царква – крэпасць у Сынковічах уключаныя ў каталог шэдэўраў сусветнай архітэктуры. Літаратура : 1. «Народная асвета» № 5, 6, 7 / 1994 г. 2. «Роднае слова» № 8, 9 / 1993 г. |